На тэрыторыі Іўеўскага раёна існуе 28 нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Пракуратура Іўеўскага раёна выявіла шмат парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, недахопы ў ажыццяўленні мерапрыемстваў Іўеўскім райвыканкамам і раённым Саветам дэпутатаў па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Найбольш значныя з парушэнняў наступныя.
Не пазначаны межы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гарадзiшча», якая знаходзіцца ў в. Трабы. На гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці адсутнічала ахоўная дошка з інфармацыяй аб прыналежнасці да гісторыка-культурнай спадчыны, з назвай і датаваннем згодна з Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з папярэджанннем аб адказнасці за прычыненне ёй шкоды або яе знішчэнне.
Адсутнічалі ўказальнікі межаў гісторыка-культурных каштоўнасцей «Каменны могільнік перыяду сярэднявечча» і «Каменны могільнік перыяду позняга сярэднявечча» ў в. Чырвоная Горка.
Таксама не пазначаны межы гісторыка-культурнай каштоўнасці побач з в. Харытоны.
Падчас праверкі пракуратура Іўеўскага раёна адзначыла антысанітарныя ўмовы ў памяшканні гісторыка-культурнай каштоўнасці «Лядоўня», якая ўваходзіць у склад «Сядзібы Умястоўскіх» у в. Жамыслаўль.
На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзіба Умястоўскіх» праводзілі рамонтныя работы, а будаўнічае смецце складалі непасрэдна на прыбярэжнай паласе вадаёма.
Адказнасць за парушэнне рэжымаў утрымання i (або) выкарыстання зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей прадугледжана арт. 19.5 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Аднак службовыя асобы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях дачыненні да вінаватых не складалі.
Непрыняцце мер па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей іх уладальнікамі, а таксама мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі стварае ўмовы для іх пашкоджання і страты.
Па выніках праверкі пракурор Іўеўскага раёна ўнес намесніку старшыні Іўеўскага райвыканкама, а таксама старшыні Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў прадстаўленне.
Фота: vgr.by
Служба інфармацыі
пракуратуры Гродзенскай вобласці