Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да 75-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго, адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь арганізавала правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 75-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (далей – Канвенцыі ААН) аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго.

Суарганізатарамі канферэнцыі выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь.

Андрэй Швед перад мерапрыемствам правеў прэзентацыю падрыхтаванага Генеральнай пракуратурай трэцяга выдання – «Карныя аперацыі. Частка 1» з цыклу «Генацыд беларускага народа». Яно змяшчае інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы і дакументы, атрыманыя ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, пра карныя аперацыі на тэрыторыі БССР у час Вялікай Айчыннай вайны. У кнізе ёсць новыя і раней невядомыя шырокай грамадскасці матэрыялы аб планаванні і рэалізацыі нацысцкай Германіяй палітыкі генацыду беларускага народа шляхам ажыццяўлення масавых карных аперацый.



Старшыня Інстытута ваеннай спадчыны (Літва) Юрыюс Тракшаліс прэзентаваў выпушчаныя на гэты момант дзесяць тамоў серыі «Кніга памяці. Еўропа», у якіх, у прыватнасці, падаюцца дакументы ваеннага перыяду, тапаграфічныя карты, узнагародныя лісты герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі высокае званне ў баях за вызваленне прыбалтыйскіх краін, звесткі пра тых, что загінулі і пахаваны на гэтай тэрыторыі.



З уступным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Сукала, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч, Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Гара, Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін і іншыя.

Вітаючы ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння канферэнцыі, Андрэй Швед сказаў: «Нюрнбергскі трыбунал стварыў прававую аснову для асуджэння за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва. Лагічным яго працягам стала прыняцце Канвенцыі ААН, якая ўпершыню дала нарматыўнае вызначэнне генацыду і ўсіх яго форм. Упэўнены, што правядзенне канферэнцыі будзе спрыяць усталяванню і захаванню гістарычнай праўды».


Генеральны пракурор нагадаў, як, захопленыя пачуццём абавязку і патрыятызму, беларусы паўсталі на абарону сваёй Радзімы ў гады вайны: «Хачу асабліва адзначыць, што ў найцяжэйшы перыяд Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай тэрыторыі Беларусі разгарнулася непрымірымае супрацьстаянне беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі. Гэта быў добраахвотны патрыятычны парыў, у якім заключаны дух свабоды беларускіх людзей. Усенародны рух супраціўлення, накіраваны на абарону Айчыны, стаў значным унёскам у агульную барацьбу народаў Савецкага Саюза супраць нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў. Памяць аб бяспрыкладным подзвігу савецкага народа-пераможцы, нявінных ахвярах той вайны стала часткай культурнага, духоўнага і гістарычнага кода беларусаў».

Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Сукала падкрэсліў, што «скажэнне рэальных ваенных падзей уяўляе пагрозу міру і бяспецы нашай краіны. Расследаванне крымінальнай справы спрыяе аднаўленню ісціны, гістарычнай праўды і справядлівасці. Асаблівасць гэтай справы не проста ў гістарычным аналізе і прыцягненні асобных нацысцкіх злачынцаў да адказнасці, але і ў найбольш поўнай прававой ацэнцы трагедыі беларускага народа».


Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка адзначыў асаблівую важнасць Вялікай Айчыннай вайны для ўсяго чалавецтва: «Мы гаворым аб адным з самых страшных урокаў у гісторыі чалавецтва, які нельга забываць. Мы памятаем, у што ператварылі нашу краіну ў перыяд акупацыі – калектыўны канцлагер. Гітлераўская Германія будавала грандыёзныя планы па ачыстцы гэтай тэрыторыі. Сёння нацысты дыскрэдытуюць гісторыю вялікага подзвігу савецкага народа. Але нам трэба памятаць пра вялікі подзвіг і герояў, якія спынілі германскую машыну смерці».


Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч канстатаваў, што «сёння фашызм і нацызм ізноў сталі рэальнасцю. Мы назіраем, як у шэрагу краін свету з'яўляюцца новыя паслядоўнікі гэтых ідэалогій. Цэлыя палітычныя рэжымы спрабуюць рэабілітаваць гэтых злачынцаў і ўчыненыя імі злачынствы. Калектыўны Захад мэтанакіравана перапісвае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, выкрэсліваючы галоўную ролю былых савецкіх рэспублік у перамозе над нацысцкай Германіяй».


Прывітальнае слова ўдзельнікам канферэнцыі напярэдадні накіраваў Генеральны пракурор Вярхоўнай народнай пракуратуры Кітайскай Народнай Рэспублікі Ін Юн, які выказаў упэўненасць у тым, што ўдзельнікі дадзенага мерапрыемства будуць прытрымлівацца ідэй імкнення да міру і ўзаемнай падтрымцы ў свеце, браць гісторыю за арыенцір, глядзець у будучыню, сумесна берагчы мір і падтрымліваць яго. Падкрэсліў яго асаблівае значэнне для сусветнай супольнасці.

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь выступіў перад прысутнымі з дакладам на тэму расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

Андрэй Швед звярнуў увагу на тое, што ўжо з першых дзён вайны пачалося масавае знішчэнне людзей: практыкаваліся расстрэлы, шыбеніцы, газавыя камеры, спальванне, голад, распаўсюджванне эпідэмій – гэта павінна было навесці страх і спыніць супраціўленне акупацыйнаму рэжыму. Праінфармаваў, што кіраўнікі Трэцяга рэйха ў якасці мэты вайны супраць Савецкага Саюза бычылі ў тым ліку скарачэнне славянскага насельніцтва на 30 мільёнаў.


«Гісторыя чалавецтва не ведала такіх маштабаў вынішчэння, у такім аб'ёме і такога доўгага перыяду часу, як гісторыя БССР, – адзначыў ён. – Мы кожны дзень атрымліваем новыя бясспрэчныя доказы таго, што практычна ўся краіна была пераўтвораная ў канвеер смерці, велізарныя могілкі. Фашысты і іх памагатыя ставілі перад сабой задачы цалкам вызваліць гэтую тэрыторыю ад мірных жыхароў».

Генеральны пракурор падкрэсліў, што знішчэнне насельніцтва БССР было старанна і загадзя спланавана: «Ужо ў 1939 годзе нацысты стварылі два карныя падраздзяленні з ліку ўкраінскіх нацыяналістаў, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку на тэрыторыі Германіі і 22 чэрвеня 1941 года перасеклі дзяржаўную мяжу СССР разам з вермахтам. З моманту нападзення на БССР войскамі вермахта і карнымі падраздзяленнямі ажыццяўлялася знішчэнне мірных грамадзян па загадзя распрацаваных планах».

Андрэй Швед канстатаваў, што «вынікі расследавання крымінальнай справы пацвярджаюць тэзіс, што нацызм жывы, што ён з'яўляецца ідэалагічнай платформай і часткай дзяржаўнай палітыкі ЗША і Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі. Ведаючы праўду пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны, сучасны беларускі грамадзянін разумее, што формы і метады нацыстаў у сярэдзіне ХХ стагоддзя і зараз засталіся аднолькавымі».


У якасці прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі на канферэнцыі выступілі Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі Ігар Красноў, рэктар Федэральнай дзяржаўнай казённай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Універсітэт пракуратуры Расійскай Федэрацыі» Ігар Мацкевіч, намеснік дырэктара Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы навукі «Інстытут дзяржавы і права Расійскай акадэміі навук» Аляксандр Звягінцаў, старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Сяргей Нарышкін, дырэктар Фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць» Аляксандр Дзюкаў, дырэктар Фонду «Лічбавая гісторыя» Ягор Якаўлеў.

Ігар Красноў звярнуў увагу аўдыторыі на той факт, што «галоўная мэта правядзення такога роду мерапрыемстваў, як сёння, заключана ў тым, каб не дапусціць замоўчвання і скажэння рэальных гістарычных фактаў». Пры гэтым было сказана, што «неабходна рашуча спыняць любыя спробы адраджэння радыкальных нацыяналістычных ідэалогій у сучасным грамадстве».


Сяргей Нарышкін у сваім выступленні таксама падкрэсліў: «Падобныя мерапрыемствы становяцца добрай традыцыяй, што сведчыць аб узаемнай патрэбнасці ў дыялогу, у нарошчванні намаганняў па захаванні гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Адной з ключавых тэм з'яўляецца генацыд. Па гэты дзень болем у сэрцы адклікаецца трагедыя Хатыні і яе сясцёр – спаленых ворагам вёсак, якія так і не аднавіліся».


У рабоце пленарнага пасяджэння прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых замежных дзяржаў: старшыня нямецкай партыі «Дойчэ Мітэ» Олівер Шнееманн, старшыня Інстытута ваеннай спадчыны (Латвія) Юрыюс Тракшаліс, старшыня палітычнай партыі «Фронт» (Польшча) Кшыштаф Талвіньскі, бразільскі даследчык у галіне грамадскіх навук з Федэральнага ўніверсітэта Рыа-дэ-Жанейра, кансультант па пытаннях геапалітыкі Лукас Лейроса, актывіст германскай грамадскай ініцыятывы «Дружба», журналіст, рэжысёр-дакументаліст Дырк Польман, саветнік па пытаннях міжнароднага права Міністра замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Бехзад Саберы Ансары.


Падчас перапынку паміж пленарнымі пасяджэннямі ўдзельнікі канферэнцыі ўсклалі кветкі ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» у памяць аб ахвярах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.






У рамках мерапрыемства Генеральны пракурор, а таксама іншыя ўдзельнікі канферэнцыі пагутарылі з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік нагляднага ведамства адзначыў, што пракуратура накіравала больш за 100 запытаў аб аказанні прававой дапамогі амаль у 30 дзяржаў: «Гэта краіны, дзе пражывалі або пражываюць жывыя карнікі з падраздзяленняў СС. Актыўную дапамогу нам аказвае Расійская Федэрацыя, вядзем перапіску з некаторымі краінамі Лацінскай Амерыкі. Яны ўдакладняюць дадатковую інфармацыю, звязаную з абставінамі здзяйснення злачынстваў канкрэтнымі нацыстамі. Гэта значыць, што вядзецца юрыдычны, прававы дыялог. Прыбалтыйскія краіны і Польшча катэгарычна адмовіліся аказваць прававую дапамогу. Яны заявілі, што такая дапамога супярэчыць іх нацыянальным палітычным інтарэсам».


Генпракурор падкрэсліў, што гісторыя развіваецца па спіралі і цяпер, на жаль, назіраецца новы віток фашызму: «Ідзе новы перадзел свету, новая экспансія на Ўсход, новыя спробы захопу тэрыторый і рэсурсаў. Пераемнікі фашыстаў паднялі галаву і патрабуюць рэваншу. Наш з вамі святы абавязак распавясці праўду пра тое, што такое фашызм і да якіх страшных наступстваў ён вядзе, змагацца за розумы і сэрцы нашых дзяцей, каб яны перадавалі гэта сваім дзецям і ўнукам. У гэтым залог захавання нашай дзяржавы. Не адзін год таму пачалася вайна, у тым ліку інфармацыйная. Спрабуюць знішчыць нашы карані, разбурыць аснову нашага грамадства, нашу духоўнасць, сямейныя каштоўнасці, таму нам патрэбна закласці падмурак, каб наступнае пакаленне памятала пра подзвіг нашых продкаў у святле апошніх падзей у свеце».

«Сёння робяцца актыўныя спробы перапісаць гісторыю, сказіць яе. Палітычныя лідэры многіх дзяржаў сёння ўзялі за аснову нацысцкую ідэалогію, і яна стала часткай іх дзяржаўнай палітыкі. Вельмі важна не дазволіць, каб нацызм і фашызм у ХХI стагоддзі паднялі галаву. Таму ад імя ўдзельнікаў гэтага міжнароднага мерапрыемства заклікаю не дапусціць, каб карычневая чума ў наш час ізноў прывяла да вайны, вынішчэння людзей, мора крыві. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб наша моладзь ведала сапраўдны твар фашызму і нацызму, каб не атруціць нашу зямлю самай горшай з тых з'яў, якія былі ў гісторыі чалавецтва», – рэзюмаваў Андрэй Швед.









Другі дзень канферэнцыі пройдзе заўтра ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. За ходам канферэнцыі сачыце на афіцыйным уouтube-канале Выдавецкага дома «Беларусь Сёння». Пачатак трансляцыі ў 10 гадзін 00 хвілін.

Фота: Генеральная пракуратура

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі