Генеральны пракурор выступіў у Парламенце са штогадовай інфармацыяй аб дзейнасці органаў пракуратуры ў 2023 годзе

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед выступіў перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь са штогадовай інфармацыяй аб дзейнасці органаў пракуратуры ў 2023 годзе.

У сваім выступленні Андрэй Швед праінфармаваў аб асноўных выніках нагляднай работы, прынятых мерах рэагавання і ініцыятывах ведамства, прывёў прыклады канкрэтных парушэнняў заканадаўства, у тым ліку ў сферы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, а таксама барацьбы з карупцыяй.

У прыватнасці, асветлены крымінагенная сітуацыя ў краіне, пытанні процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, кіберзлачыннасці, барацьбы са службовымі і экстрэмісцкімі злачынствамі. Павышаная ўвага – стану законнасці ў сацыяльнай сферы.

Як паведаміў Генеральны пракурор, у выніку прынятых мер у цэлым у краіне забяспечана стабільная абстаноўка. Колькасць зарэгістраваных у 2023 годзе злачынстваў у параўнанні з 2022 годам скарацілася на 3,6 %. Узровень злачыннасці з'яўляецца мінімальным за апошнія 5 гадоў.

«Дзякуючы скаардынаванай працы праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, Беларусь была і застаецца бяспечнай краінай», – падкрэсліў Андрэй Швед.


На 5,7 % знізілася колькасць асоб, якія загінулі ад злачынстваў. Менш на 10,4 % зарэгістравана забойстваў, на 16,8 % – фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Менш зарэгістравана згвалтаванняў, разбояў, рабаванняў і крадзяжоў, а таксама злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам.

Зменшылася колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў (на 11,4 %), у асноўным за кошт зніжэння збыту наркотыкаў.

У сувязі з гэтым кіраўнік нагляднага ведамства адзначыў, што «органы ўнутраных спраў арыентаваны, у першую чаргу, на выяўленне і спыненне дзейнасці буйных збытчыкаў». Як вынік – колькасць канфіскаваных наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў узрасла ў 4,5 раза.

Разам з тым на 16 % павялічылася колькасць цяжкіх злачынстваў, пераважна за кошт махлярстваў, якія, як правіла, былі здзейсненыя з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

«Генеральнай пракуратурай Прэм'ер-міністру і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка прапанавана разгледзець пытанні аб неабходнасці дапрацоўкі бізнес-працэсаў, звязаных з выдачай анлайн-крэдытаў, а таксама прыняць дадатковыя меры па супрацьдзеянні кіберзлачынствам. Распрацаваны комплексны план быў зацверджаны намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь у лістападзе мінулага года», – праінфармаваў Андрэй Швед.

У 2023 годзе колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць, скарацілася на 12 %, аднак кожнае трэцяе з ліку расследаваных злачынстваў учынена раней судзімымі.

Адной з прычын рэцыдыўнай злачыннасці з’яўляецца недастатковасць кантролю за раней судзімымі і мер прыцягнення іх да працы.

«Амаль 70 % асоб, якія ўчынілі злачынствы паўторна, не працавалі. Фактычна кожны чацвёрты з вызваленых з месцаў пазбаўлення волі ў 2023 годзе ўхіліўся ад працаўладкавання», – падкрэсліў Генеральны пракурор.

Гаворачы аб злачыннасці сярод непаўналетніх, Андрэй Швед паведаміў, што колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі або пры іх саўдзеле, знізілася на 12 %, а колькасць непаўналетніх, якія ўдзельнічалі ў здзяйсненні злачынстваў, – на 7 %.


Пры гэтым на 40 % павялічылася колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, у тым ліку ад згвалтаванняў і гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару. У дачыненні да большасці пацярпелых злачынствы былі здзейсненыя ў мінулыя гады і выяўлены ў 2023 годзе.

«У развіццё ініцыятыў Генеральнай пракуратуры і дзеля выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы Ўрад у 2023 годзе распрацаваў і зацвердзіў План мерапрыемстваў па абароне дзяцей ад сэксуальнага гвалту і прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці», – канстатаваў кіраўнік нагляднага ведамства.

Гаворачы аб грамадскай небяспецы карупцыі, Генеральны пракурор звярнуў увагу парламентарыяў на тое, што «ў Беларусі гэтая з'ява разглядаецца як адна з пагроз нацыянальнай бяспецы».

У 2023 годзе ўзрасла колькасць улічаных карупцыйных злачынстваў.

Часцей за ўсё такія злачынствы мелі месца ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і транспарту.

Пракуроры надалі прыярытэтную ўвагу рэалізацыі дзяржаўных праграм і інвестыцыйных праектаў, якія прадугледжваюць расходаванне бюджэтных сродкаў, а таксама дзяржаўным закупкам. У 2023 годзе правялі 803 праверкі выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, па выніках якіх унеслі больш за дзве тысячы актаў нагляду. Адмянілі 152 працэдуры закупкі на агульную суму 12 млн рублёў. Узбудзілі больш за сто крымінальных спраў аб карупцыі, кожнае чацвёртае з іх – аб парушэннях у сферы закупак.

Органы пракуратуры працягнулі працу па супрацьдзеянні экстрэмізму для падтрымання правапарадку і спакою грамадзян.

«Дзякуючы скаардынаванай працы праваахоўных органаў колькасць злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці ў мінулым годзе скарацілася ў два разы», – сказаў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

У суд накіравана звыш адной тысячы крымінальных спраў аб экстрэмісцкіх злачынствах. Пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальных справах дадзенай катэгорыі ў дачыненні да паўтары тысячы асоб.

Значны аб'ём працы выкананы ў сферы нагляду за папярэднім следствам і дазнаннем. Рэгулярна выяўляліся парушэнні працэсуальнага заканадаўства.

У суды рэспублікі накіравана амаль 32 тысячы крымінальных спраў. Для вытворчасці дадатковага расследавання вернута амаль 700 спраў.

У шэрагу выпадкаў для забеспячэння законнасці пракуроры самі расследавалі крымінальныя справы, у тым ліку рэзанансныя.

Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымана па больш чым 28 тысячам крымінальных спраў.

Пры ажыццяўленні нагляду за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах пракуроры апратэставалі ў апеляцыйным парадку судовыя рашэнні ў дачыненні да больш за 1 700 асоб.

У касацыйным парадку былі прынесены пратэсты ў дачыненні да 204 асоб, з іх задаволена 97 %.

З удзелам пракурораў разгледжана больш за 17 тысяч грамадзянскіх спраў. Прынесена звыш 700 апеляцыйных пратэстаў, з якіх дзве траціны задаволеныя. У парадку нагляду па грамадзянскіх справах прынесена 165 пратэстаў, з іх задаволена 83 %.

Па грамадзянскіх і эканамічных справах пракуроры прад'явілі ў суды звыш за 7 тысяч пазоваў на суму амаль 160 млн рублёў.

«Агульнанаглядная дзейнасць органаў пракуратуры была сканцэнтравана на выкананні даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, захаванні правоў і свабод грамадзян», – праінфармаваў кіраўнік нагляднага ведамства.


Так, у парадку нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем заканадаўства органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі органамі ўлады, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі праведзена больш за 8 тысяч праверак. Пракуроры ўнеслі звыш за 6,5 тысячы прадстаўленняў, прынеслі 3,4 тысячы пратэстаў, вынеслі 6,4 тысячы прадпісанняў, 8 тысяч пастаноў, абвясцілі 10 тысяч афіцыйных папярэджанняў.

Да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасці па актах пракурорскага рэагавання прыцягнута больш за 33 тысячы фізічных і юрыдычных асоб. Па патрабаваннях пракурораў вінаватыя асобы ў пазасудовым парадку пакрылі прычыненую імі шкоду ў суме звыш 45 млн рублёў.

Асаблівая ўвага нададзена папярэджанню гібелі грамадзян ад знешніх прычын.

Кансалідацыя намаганняў суб'ектаў прафілактыкі ў 2023 годзе дазволіла знізіць колькасць пажараў амаль на 5 %, пры гэтым колькасць грамадзян, якія загінулі на пажарах, зменшылася на 104 чалавекі. Амаль на траціну знізілася колькасць загінулых, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Асноўнымі прычынамі пажараў засталіся: неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі электраабсталявання і пячнога ацяплення.

«Пракуроры неаднаразова ўказвалі мясцовым органам улады, МНС на адсутнасць сістэмнай работы па папярэджанні гібелі і траўміравання грамадзян на водных аб'ектах. Даручалі прыняць дадатковыя меры па ахове жыцця і здароўя людзей, у тым ліку павялічыць колькасць абсталяваных пляжаў, выратавальных пастоў, забяспечыць грамадскі парадак у месцах адпачынку насельніцтва. У выніку ў 2023 годзе колькасць грамадзян, якія загінулі на вадаёмах, знізілася на 12 %. Атрымалася таксама скараціць колькасць фактаў гібелі дзяцей», – падкрэсліў Андрэй Швед.

Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы органы пракуратуры ў 2022–2023 гадах правялі маштабную праверку ў сферы аховы здароўя.

Наглядным мерапрыемствам падвергнута звыш адной тысячы ўстаноў аховы здароўя рознага ўзроўню: ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў (далей – ФАП) да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў.

Устаноўлены сістэмныя недахопы, звязаныя з незабеспячэннем лекамі, даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі на вёсцы, эндапратэзаваннем буйных суставаў, правядзеннем дыспансерызацыі насельніцтва, а таксама ранняй дыягностыкай анкалагічных захворванняў.

У 2024 годзе пракуроры пракантралявалі ліквідацыю Міністэрствам аховы здароўя выяўленых парушэнняў: меры па выпраўленні сітуацыі прыняты, аднак шэраг недахопаў да канца не ліквідаваны.

«Напрыклад, у многіх ФАП пракуроры паўторна ўстанавілі факты адсутнасці неабходных лекаў, медыцынскіх вырабаў і абсталявання. Мясцовыя органы ўлады засталіся ў баку ад вырашэння праблемы забеспячэння фельчараў транспартнымі сродкамі. У аддаленыя населеныя пункты яны нярэдка выбывалі пешшу або на спадарожках, а пры выкарыстанні асабістага транспарту выдаткі ім не кампенсавалі нават на паліва», – адзначыў Андрэй Швед.

У цэлым пытанні забеспячэння якаснай і даступнай медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці па-ранейшаму актуальныя, прычым у галіне да гэтага часу не вырашана кадравая праблема.

Захаванне законнасці ў сферы аграпрамысловага комплексу (далей – АПК) – традыцыйна адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці органаў пракуратуры.

У АПК у 2023 годзе пракуроры ўнеслі больш за 3,8 тысячы актаў нагляду, па іх патрабаванню да розных відаў адказнасці прыцягнута звыш за 10,5 тысячы асоб. У суды прад'яўлена 454 пазовы аб кампенсацыі шкоды, нанесенай крадзяжамі, нястачай і падзяжом жывёлы, у суме 2,3 млн рублёў.

Выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы аб папярэджанні падзяжу жывёлы ў сельгасарганізацыях узята на пастаянны кантроль.

Характэрна, што комплекс мер, якія прымаюцца, дазволіў скараціць колькасць выпадкаў утойвання падзяжу: у 2023 годзе такіх крымінальных спраў узбуджана ў два разы менш.

«Разам з тым сітуацыя напружаная і няпростая, сёння нам нельга самазаспакойвацца, важна прадоўжыць сістэмную працу для замацавання дасягнутых вынікаў, пракуроры не аслабяць націск у гэтым кірунку ў 2024 годзе», – сказаў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Да галоўных прычын падзяжу жывёлы наглядным ведамствам аднесены парушэнне тэхналогій іх кармлення і ўтрымання, безгаспадарчасць, невыкананне вытворчай, тэхналагічнай дысцыпліны, неэфектыўнасць працы ветэрынарных службаў.

На пастаяннай аснове органы пракуратуры таксама праводзілі наглядныя мерапрыемствы ў частцы выканання заканадаўства ў перыяд восеньскіх палявых работ. У гэтай сферы выяўлены шматлікія парушэнні, звязаныя з выкарыстаннем сельгастэхнікі, забеспячэннем захаванасці гаруча-змазачных матэрыялаў, падрыхтоўкай збожжасховішчаў і нарыхтоўкай кармоў.

У 2023 годзе ў перыяд уборачнай кампаніі пракуроры ўнеслі больш за 780 актаў нагляду. Па выніках іх разгляду да розных відаў адказнасці прыцягнута звыш 1,2 тысячы асоб.

Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы праверана выкананне заканадаўства ў галіне меліярацыі зямель.

Ва ўсіх рэгіёнах краіны ўстаноўлена звыш за 11 тысяч гектараў невыкарыстоўваемых сельскагаспадарчых зямель, з якіх больш за палову былі меліяраванымі. Арыенціровачны кошт штогод недаатрыманай на гэтых землях прадукцыі склаў каля 3 млн рублёў.

Замест рэальнага выканання работ па меліярацыі палова іх аб'ёму – гэта, па сутнасці, элементарная высечка драўнінна-хмызняковай расліннасці на палях, якія зараслі з-за безгаспадарчасці.

У шэрагу выпадкаў акты ўводу ў эксплуатацыю аб'ектаў, на якіх выяўлены завышэнні аб'ёмаў работ, падпісваліся прадстаўнікамі выканкамаў, іншых дзяржорганаў і арганізацый без выбыцця на месца і ацэнкі рэальнага стану аб'екта. Прыпіскі сталі следствам імкнення выканаць даведзеныя паказчыкі.

Па фактах фальсіфікацыі аб'ёмаў работ узбуджана 19 крымінальных спраў. Агульны кошт нібыта выкананых работ склаў больш за 960 тысяч рублёў.

Павышаную ўвагу пракуроры ў 2023 годзе надалі бескантрольнаму выкарыстанню лятальных апаратаў, паколькі яны ўяўлялі пагрозу для грамадскай бяспекі і нармальнай працы паветранага транспарту.

У прыватнасці, па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў», якім уведзены абавязак Мінабароны і Мінтранса па кантролі за выкарыстаннем паветранай прасторы.

У мінулым годзе колькасць зваротаў грамадзян, якія паступілі ў органы пракуратуры, зменшылася на 8,5 % – пракуроры разгледзелі па сутнасці амаль 24 тысячы зваротаў. З іх абгрунтаванымі прызнана звыш за 30 %.

Значную долю склалі скаргі на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзеянні і рашэнні органаў дазнання і следчых.

На асабістым прыёме пракуроры прынялі больш за 32 тысячы заяўнікаў.

Па кожным факце парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян, патрабаванняў заканадаўства прыняты меры рэагавання.

Пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пракуроры ўстанавілі сістэмныя парушэнні ў частцы правядзення архіўна-даследчай дзейнасці, развіцця ваенна-гістарычных маршрутаў, прысваення статусу гісторыка-мемарыяльных месцаў пахавання, а таксама ўтрымання пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны – у цяперашні час вядзецца работа па іх ліквідацыі.

Напрыканцы выступлення кіраўнік нагляднага ведамства падкрэсліў, што «летась органы пракуратуры выканалі пастаўленыя перад намі задачы і імкнуцца да павышэння эфектыўнасці сваёй працы на карысць краіны і яе грамадзян».

Пасля выступу Андрэй Швед адказаў на пытанні парламентарыяў адносна працягу дзейнасці Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў, расследавання крымінальных спраў пракурорамі, практыкі касацыйнага разгляду крымінальных спраў, забеспячэння больш эфектыўнай абароны непаўналетніх ад супрацьпраўных замахаў.

У рамках мерапрыемства Генеральны пракурор пагутарыў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.


Фота: house.gov.by, belta.by

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі