Аб Генпракуратуры
Пракуратура Рэспублікі Беларусь (далей - пракуратура) - адзіная і цэнтралізаваная сістэма органаў, якія ажыццяўляюць ад імя дзяржавы нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем нарматыўных прававых актаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама выконваюць іншыя функцыі, устаноўленыя заканадаўчымі актамі.
Прававую аснову дзейнасці пракуратуры складаюць Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь” (далей – Закон) i iншыя заканадаўчыя акты, якія вызначаюць кампетэнцыю, арганізацыю, парадак дзейнасці пракуратуры і паўнамоцтвы пракурорскіх работнікаў.
Задачамі пракуратуры з'яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. У мэтах выканання гэтых задач пракуратура ажыццяўляе нагляд за:
- дакладным i аднолькавым выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовымі прадстаўнічымі, выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі аб'яднаннямі, рэлігійнымі арганізацыямі і іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
- выкананнем заканадаўства пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці;
- выкананнем закона падчас дасудовай вытворчасці, пры вытворчасці папярэдняга следства і дазнання;
- адпаведнасцю закону судовых пастаноў, а таксама за выкананнем заканадаўства пры іх выкананні;
- выкананнем заканадаўства пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, а таксама мер прымусовага характару.
Пракуратура праводзіць папярэдняе следства ў выпадках, прадугледжаных Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Пракуроры прымаюць удзел у разглядзе судамі грамадзянскіх спраў, спраў, звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці, падтрымліваюць дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальных справах, удзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе ў адпаведнасці з Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, Гаспадарчым працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь і Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Дзейнасць пракуратуры грунтуецца на прынцыпах законнасці, роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, незалежнасці пракурора, падпарадкаванасці ніжэйстаячых пракурораў вышэйстаячым пракурорам, галоснасці, абавязковасці выканання патрабаванняў пракурора.
У сваёй дзейнасці пракурор кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, адпаведнымі ёй актамі заканадаўства і ў межах прадастаўленых яму паўнамоцтваў ажыццяўляе функцыі, ускладзеныя на яго Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Пракурор прымае прадугледжаныя Законам і іншымі заканадаўчымі актамі меры па спыненні парушэнняў заканадаўства, ад каго б гэтыя парушэнні ні зыходзілі, прыцягненню да адказнасці асоб, якія іх учынілі, аднаўленню парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.
Адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў пракуратуры складаюць Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, пракуратуры абласцей, горада Мінска, якія з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, пракуратуры раёнаў, раёнаў у гарадах, гарадоў, міжраённыя і прыраўнаваныя да іх транспартныя пракуратуры, а таксама іншыя дзяржаўныя арганізацыі, створаныя ў сістэме органаў пракуратуры па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.