Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед прыняў удзел у VIII пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі ў Екацярынбургу.

З удзелам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа ў Екацярынбургу (Расійская Федэрацыя) адбылося VIII пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі (далей – МССК, Савет), на якім разгледжаны практыка барацьбы з карупцыяй у дзяржавах – удзельніцах Савета, у тым ліку актуальныя праблемы ў гэтай сферы і шляхі іх вырашэння, асноўныя пытанні пры расследаванні злачынстваў, звязаных з незаконным удзелам службовых асоб у прадпрымальніцкай дзейнасці, роля эфектыўнага ўзаемнага супрацоўніцтва па крымінальных справах гэтай катэгорыі.

Сярод іншых удзельнікаў – Генеральны пракурор Рэспублікі Арменія Ганна Вардапецян, Старшыня Агенцтва Рэспублікі Казахстан па супрацьдзеянні карупцыі Асхат Жумагалі, Генеральны пракурор Кыргызскай Рэспублікі Курманкул Зулушаў, Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі Ігар Красноў, Дырэктар Агенцтва па дзяржаўным фінансавым кантролі і барацьбе з карупцыяй Рэспублікі Таджыкістан Сулаймон Саід Султанзада, а таксама прадстаўнікі Выканаўчага камітэта СНД.

Даведачна. Савет з'яўляецца органам галіновага супрацоўніцтва СНД і прызначаны ў рамках сваёй кампетэнцыі забяспечваць арганізацыю і каардынацыю процідзеяння карупцыі, а таксама весці агляд рэалізацыі абавязацельстваў удзельнікаў Пагаднення дзяржаў – удзельніц СНД у сферы процідзеяння карупцыі (далей – Пагадненне), забяспечваць канструктыўнае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і іх структурамі.

Асноўныя напрамкі дзейнасці МССК: садзейнічанне збліжэнню і гарманізацыі нацыянальнага антыкарупцыйнага заканадаўства; распрацоўка прапаноў па развіцці прававой базы супрацоўніцтва; каардынацыя ўзаемадзеяння кампетэнтных органаў дзяржаў – удзельніц Пагаднення, а таксама зацікаўленых органаў СНД у барацьбе з карупцыяй.

Па кожнаму з пытанняў удзельнікі пасяджэння выступілі з дакладамі.

У сваім выступленні Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед адзначыў, што ў барацьбе з карупцыяй асаблівая ўвага ў краіне нададзена перш за ўсё сферам дзяржаўнага кіравання, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя, пры гэтым важнае значэнне адведзена пытанням пакрыцця матэрыяльнага ўрону і канфіскацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам.


«У мінулым годзе намі прааналізавана эфектыўнасць дзейнасці ўсіх праваахоўных органаў па супрацьдзеянні карупцыі, дадзены канкрэтныя даручэнні па актывізацыі працы. Прынятыя меры дазволілі павысіць выніковасць работы праваахоўных органаў. У выніку летась і ў мінулым перыядзе гэтага года адзначаны рост колькасці выяўленых карупцыйных злачынстваў», – канстатаваў Андрэй Швед.

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў МССК на ўпершыню прынятай у Беларусі Стратэгіі барацьбы з карупцыяй, якая накіравана на сістэмнае процідзеянне гэтаму сацыяльнаму феномену, у тым ліку шляхам выяўлення і ліквідацыі яго базавых прычын і ўмоў.

Назваў дзейсным механізмам каардынацыі работы ўсіх дзяржаўных органаў распрацаваны Генеральнай пракуратурай сумесна з Урадам дакумент праграмнага характару – Комплекс мер па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

«Прыярытэтнымі напрамкамі Комплексу мер на 2023–2025 гады ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца аптымізацыя сістэмы дзяржаўных закупак і закупак за кошт уласных сродкаў, удасканаленне інстытутаў адказнасці за карупцыю, у тым ліку юрыдычных асоб, прававая асвета. Вывучаецца таксама пытанне ўключэння ў прафілактычную дзейнасць грамадзянскай супольнасці і грамадскіх аб'яднанняў праз развіццё грамадскага кантролю», – адзначыў Генеральны пракурор.

Кіраўнік нагляднага ведамства Беларусі распавёў калегам аб навэлах у нацыянальным заканадаўстве ў частцы процідзеяння карупцыі:

распрацаваных Генеральнай пракуратурай зменах у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй», якія ўдакладняюць змест антыкарупцыйных абмежаванняў, парадак урэгулявання канфлікту інтарэсаў, узаемадзеяння праваахоўнікаў з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, падставы спагнання карупцыйных даходаў;

прынятых у развіццё новых нормаў закона прававых актах, якія вызначаюць пытанні дэкларавання даходаў і маёмасці, а таксама накіраваных на папярэджанне карупцыі пры выкарыстанні маёмасці, атрыманай у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў.

«Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў мэтах далейшага ўдасканалення фінансавага кантролю за актывамі службовых асоб Урадам Рэспублікі Беларусь створана міжведамасная рабочая група, якая вывучае пытанне аб магчымасці ўвядзення электроннага дэкларавання даходаў і маёмасці.

Акрамя таго, распрацоўваецца канцэпцыя падатковай амністыі, якая прадугледжвае вызваленне ад адказнасці асоб пры добраахвотным дэклараванні схаваных даходаў і актываў. У пэўнай меры гэта будзе спрыяць папярэджанню карупцыйных злачынстваў, звязаных з легалізацыяй незаконных даходаў», – паведаміў Андрэй Швед.

Ён таксама расказаў аб укараненні ў дзейнасць беларускіх кампаній нацыянальнага стандарту па супрацьдзеянню хабарніцтву: «Працягваючы палітыку, накіраваную на павышэнне сацыяльнай адказнасці бізнесу і развіццё добрапрыстойных дзелавых практык, у Беларусі пачалася распрацоўка яшчэ двух нацыянальных стандартаў. Яны будуць утрымліваць рэкамендацыі па забеспячэнні выканання ў арганізацыях заканадаўства і выкарыстанні ў гэтых мэтах механізмаў унутранага аўдыту, а таксама па развіцці адказнага інфармавання аб фактах карупцыі або незаконнай дзейнасці. Пры распрацоўцы новых стандартаў будзе ўлічаны лепшы міжнародны вопыт».

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь звярнуў увагу на тое, што «працэсы ўмацавання эканамічных сувязей патрабуюць прыняцця адэкватных мер у рамках інтэграцыйных аб'яднанняў, паколькі без гэтага немагчыма эфектыўна супрацьстаяць ні ўнутранай, ні трансгранічнай карупцыі».

Акрамя таго, на пасяджэнні прааналізавана выкананне рашэнняў МССК ад 2022 года і мерапрыемстваў Міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2019–2023 гады, а таксама зацверджаны план работы Савета на 2024 год.


Удзельнікі пасяджэння пагадзіліся з тым, што Савет стаў адной з найбольш аўтарытэтных платформаў у сферы міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў барацьбе са службовымі злачынствамі і правапарушэннямі. Выказалі ўпэўненасць, што такая праца і далей будзе спрыяць развіццю сувязей у антыкарупцыйнай сферы, а абмен вопытам дазволіць прыняць эфектыўныя рашэнні для мінімізацыі праяў такой негатыўнай сацыяльнай з'явы.

Чарговае пасяджэнне МССК запланавана правесці ў Рэспубліцы Таджыкістан у 2024 годзе.

Па выніках пасяджэння падпісаны шэраг рашэнняў у сферы супрацьдзеяння карупцыі.

Фота: Генеральная пракуратура Расійскай Федэрацыі

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры



Іншыя навіны


Асноўныя падзеі