Адбылася сустрэча Генеральнага пракурора Андрэя Шведа з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алексам Гольдман-Шайманам

З улікам праяўленай ізраільскім бокам цікавасці да расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе адбылася сустрэча Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алексам Гольдман-Шайманам.

Прадметам размовы сталі аспекты ўзаемадзеяння ў расследаванні гэтай крымінальнай справы, у тым ліку перапахаванне астанкаў мірных жыхароў, а таксама пытанні міжнародна-прававога супрацоўніцтва.

Вітаючы дыпламата, Андрэй Швед падзякаваў за ўвагу да дзейнасці Генпракуратуры па расследаванні генацыду.

«Мы адкрыты для дыялога і гатовы да сумеснай работы», - сказаў Андрэй Швед.

У адказ Алекс Гольдман-Шайман падкрэсліў гістарычную важнасць і ўнікальнасць вядзення Генпракуратурай такога крымінальнага працэсу. Пагадзіўся з неабходнасцю ўсталявання ўсіх фактаў генацыду, у тым ліку з улікам трагічных падзей Халакосту: «Гэта вялізны і важны праект… З нашага боку мы гатовы дапамагчы… Калі патрэбна наша дапамога з перакладамі, у нас ёсць акадэмічныя эксперты, музей Яд ва-Шэм, у якога ёсць вопыт у сувязі з гістарычнымі расследаваннямі».

Генпракурор звярнуў увагу на паралелі паміж падзеямі ваеннага часу і палітыкай асобных дзяржаў.

«Сёння тое, што адбываецца ў дачыненні да Беларусі, шмат у чым здзяйсняецца з тэрыторыі тых краін, адкуль у свой час прыйшлі і фашызм, і генацыд, і Халакост – тое, што забываць нельга. Як толькі мы забываем – усё вяртаецца. На жаль, нацызм не знік, а набыў другое дыханне», – сказаў Андрэй Швед.

Ён падкрэсліў, што Беларусь заўсёды з павагай ставілася да традыцый і звычаяў усіх нацыянальнасцей і будзе прытрымлівацца такога падыходу ў рабоце па крымінальнай справе аб генацыдзе. Запэўніў, што інфармацыя, якая цікавіць ізраільскі бок, будзе прадстаўляцца, у тым ліку якая датычыцца пошуку сваякоў загінуўшых, правядзення экспертных даследаванняў.

На пытанне Пасла аб супрацоўніцтве з расійскімі калегамі Генеральны пракурор паведаміў: «Мы падрабязна інфармуем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб ходзе следства. І пры нядаўняй сустрэчы з Генеральным пракурорам Расіі Кіраўнік дзяржавы прапанаваў нам выйсці на больш высокі ўзровень. Цяпер з нашымі калегамі з праваахоўных органаў Расіі фарміруецца міжнародная следчая група».

Генеральны пракурор нагадаў, што раней нагляднае ведамства накіравала ў кампетэнтную ўстанову Дзяржавы Ізраіль просьбу аб аказанні прававой дапамогі ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе. У прыватнасці, Генпракуратура прасіла прадставіць матэрыялы, архіўныя даныя аб фактах масавага знішчэння мірнага насельніцтва на тэрыторыі БССР.

«Нам важна вывучыць вопыт Дзяржавы Ізраіль у частцы збору, апрацоўкі і перадачы па кампетэнцыі дакументаў для сусветнага прызнання генацыду», - адзначыў Андрэй Швед.

На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне аб заключэнні мемарандума з кампетэнтным органам Дзяржавы Ізраіль у расследаванні злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, генацыду, ваенных і іншых цяжкіх злачынстваў, праект якога ў бліжэйшы час будзе накіраваны ізраільскаму боку.

Алекс Гольдман-Шайман выказаў зацікаўленасць у падтрыманні пастаяннага кантакту па пытаннях, якія абмяркоўваюцца, і ва ўдзеле ў развіцці міжнародна-прававога супрацоўніцтва.

Па выніках сустрэчы Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь выказалі гатоўнасць ва ўмацаванні ўзаемадзеяння ў мэтах папулярызацыі гістарычнай справядлівасці.

Фота: Генеральная пракуратура

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры

 

 


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі