Усебеларуская хвіліна маўчання і прэзентацыя кнігі аб ваенных злачынствах супраць народаў Савецкага Саюза ў гады ВАВ. Генеральны пракурор Андрэй Швед прыняў удзел у мерапрыемствах

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед у Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа і Дню памяці і смутку.

На плошчы цырыманіялаў прайшла Усебеларуская хвіліна маўчання. Генеральны пракурор разам з пракурорам Брэсцкай вобласці Віктарам Клімавым і супрацоўнікамі нагляднага ведамства ўшанавалі памяць загінулых у гады ваеннага ліхалецця і ўсклалі кветкі да Вечнага агню.

DSC_7967 копия.jpg

DSC_8011 копия.jpg

Пасля цырымоніі ўскладання Генеральны пракурор прыняў удзел у прэзентацыі кнігі «Тэрміну даўнасці не маюць… Злачынствы фашызму супраць народаў Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.».

У мерапрыемстве, арганізаваным Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, прынялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі Ігар Красноў, Старшыня Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі Аляксандр Бастрыкін, Дырэктар Службы знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін, кіраўнікі іншых ведамстваў, прадстаўнікі выканаўчых органаў, навуковай супольнасці Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Кніга выдадзена ў рамках маштабнага выдавецкага праекту «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы». Дадзены праект закліканы паказаць шырокай аўдыторыі выданні, прысвечаныя яркім старонкам гісторыі Беларусі і Расіі, дакладныя матэрыялы аб гераічным мінулым нашых народаў, культуры, традыцыях, аб тых «скрэпах», што звязваюць беларусаў і расіян.

DSC_8027 копия.jpg

Асабліва значна, што часткай прэзентаванага выдання сталі матэрыялы кнігі «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці», выдадзенай пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа.

Выступаючы на прэзентацыі, Андрэй Швед адзначыў сімвалічнасць выхаду ў свет кнігі аб ваенных злачынствах супраць народаў Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў такі важны для кожнага грамадзяніна Беларусі і Расіі дзень.

«Рэспубліка Беларусь неаднаразова станавілася арэнай жорсткіх бітваў. Самай кровапралітнай была Вялікая Айчынная вайна, перамога ў якой была дасягнута коштам вялікіх страт і пакут савецкага народа. У беларускай зямлі пахаваны рэшткі мільёнаў людзей, якія загінулі ў бітвах і падчас генацыду мірнага насельніцтва. Памяць аб гераічным подзвігу народа-пераможцы, нявінных ахвярах той вайны стала часткай культурнага, духоўнага і гістарычнага кода беларусаў», – сказаў Андрэй Швед.

Генеральны пракурор падкрэсліў, што ў новай рэдакцыі Канстытуцыі нашай краіны замацавана забеспячэнне дзяржавай захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У сваю чаргу Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь расследуе крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа.

«Варта адзначыць, што гэта не стандартнае расследаванне. У ім цесна перапляліся пытанні крымінальна-прававой, гістарычнай і маральнай ацэнкі дзеянняў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх памагатых і калабарантаў. Упершыню факты генацыду мірнага насельніцтва расследуюцца ў такім маштабе», – сказаў Андрэй Швед.

Ён паведаміў, што ў гады нацысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі забіта не менш за тры мільёны мірных грамадзян і ваеннапалонных, або кожны трэці жыхар Беларусі. Вывезена ў нямецкае рабства каля 380 тысяч чалавек, многія з якіх загінулі ад невыносных умоў эксплуатацыі. Масавы характар насіў таксама згон дзяцей на прымусовыя працы.

«Нашу краіну нацысты ператварылі ў канвеер смерці. Па сутнасці, народ Беларусі знаходзіўся на мяжы поўнага вынішчэння. У гады вайны акупантамі разбурана больш за 200 гарадоў, у тым ліку такія буйныя, як Мінск, Гомель, Віцебск, Полацк, Орша, Барысаў, Слуцк. Знішчана часткова або поўнасцю звыш 11,7 тысячы нашых вёсак і пасёлкаў. Звесткі пра больш за 2,5 тысячы з іх устаноўлены менавіта дзякуючы карпатлівай рабоце пракурораў, следчых, экспертаў. Акрамя таго, мы дадаткова выявілі яшчэ 84 вёскі, якія падзялілі трагічны лёс Хатыні», – распавёў пра новыя падрабязнасці расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе Генеральны пракурор.

«На жаль, у некаторых краінах пачалі забывацца пра ваенныя злачынствы нацыстаў. На нашых вачах у краінах блізкага замежжа зносяць і разбураюць помнікі воінам-вызваліцелям, апаганьваюць магілы савецкіх салдат, ваенізаваныя арганізацыі адкрыта выкарыстоўваюць нацысцкую сімволіку. Менавіта ў гэтых краінах квітнее крайні нацыяналізм і неанацызм, афіцыйна праводзяцца маршы былых эсэсаўцаў, абмяжоўваюцца ў правах асобныя катэгорыі насельніцтва па нацыянальным прынцыпе. Прадпрымаюцца спробы апраўдаць памагатых нацыстаў, іх ушаноўваюць як змагароў за волю. Усё гэта – спробы перапісаць гісторыю і перакрэсліць подзвіг савецкага народа», – сказаў кіраўнік беларускага нагляднага ведамства, падкрэсліўшы, што выданне кнігі з'яўляецца данінай памяці загінулым, спрыяе ўсталяванню і захаванню гістарычнай праўды.

Дзмітрый Мезенцаў падзякаваў Андрэю Шведу і ўзначаленаму ім калектыву за праведзеную работу па расследаванні злачынстваў нацыстаў і захаванні гістарычнай праўды і памяці.

Пасля прэзентацыі кнігі ўдзельнікі мерапрыемства абмяняліся думкамі і абмеркавалі актуальныя пытанні аховы нашай агульнай гісторыі.

Фота: sb.by, газета «Зара»

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры



Іншыя навіны


Асноўныя падзеі