Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе: Генеральны пракурор Андрэй Швед сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед выступіў перад прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – Акадэмія) на тэму расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і сувязі часоў.

Вітаючы прысутных, Андрэй Швед растлумачыў, чаму тэма гераічнай барацьбы беларускага народа з акупантамі ў гады вайны стала актуальнай менавіта цяпер. Нагадаў пра падзеі 2020 года, калі краіна ізноў сутыкнулася з праявамі экстрэмізму пад нацысцкай сімволікай.



«Вы павінны разумець, з кім мы сёння маем справу. Аналіз матэрыялаў крымінальных спраў паказаў, што баявым ядром тых, хто выйшаў на вуліцу і пачаў здзяйсняць гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, сталі неанацысты. Вельмі непрыемным адкрыццём быў факт, што асноўная частка неанацыстаў – беларусы. Склалася такая карціна: як мінімум 10 гадоў значная частка маладых хлопцаў і дзяўчат не толькі былі носьбітам нацысцкай ідэалогіі, але і прайшлі навучанне ў лагерах на тэрыторыі Прыбалтыкі і Украіны. Нацызм, які існаваў у гады вайны, і той, які маем зараз, у ХХІ стагоддзі, – гэта адно і тое ж. Формы, метады, ідэалогія, мэты – усё адно і тое ж. Вось які сапраўдны твар тых, хто пайшоў супраць законнай улады ў 2020 годзе», – падкрэсліў Генеральны пракурор.

Пераходзячы да нашага часу, Генеральны пракурор узгадаў недахопы выхаваўчай работы ў школе. Прывёў звесткі з матэрыялаў спраў, паводле якіх прыхільнікам неанацызму было «нецікава» слухаць гісторыі настаўнікаў пра подзвіг беларускага народа, а ідэі нацызму падабаліся. На пытанне, чаму так склалася, яны адказвалі, што там «прыгожая форма, правільныя ідэі і самае галоўнае – няма ніякіх маральных абавязацельстваў».

Вяртаючыся да тэмы расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, кіраўнік нагляднага ведамства распавёў аб новых фактах знішчэння мірнага насельніцтва, дэталях масавых карных аперацый, якія праводзіліся. Адзначыў, што стандартным сцэнарыем, узятым на ўзбраенне нацысцкімі ваеннымі злачынцамі і іх памагатымі, стала знішчэнне вёсак разам з жыхарамі падчас так званых «уціхамірвальных» акцый.

Даведачна. У ходзе расследавання крымінальнай справы членамі следчай групы Генпракуратуры дапытана каля 17 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 7,5 тысячы былых вязняў канцлагераў і дэпартаваных для прымусовага выканання работ.

Дакладна ўстаноўлена, што нацыстамі і іх памагатымі спалена звыш 11,6 тысячы вёсак, з якіх больш за 2,4 тысячы ўстаноўлена ў ходзе папярэдняга расследавання.

Праведзена звыш 450 аглядаў участкаў мясцовасці, на якіх, мяркуецца, былі месцы знішчэння і пахавання мірнага насельніцтва, ажыццяўлены раскопкі амаль у 40 месцах.

Праінфармаваў аб тым, што масавае знішчэнне людзей было пастаўлена на паток і вялося варварскімі метадамі і сродкамі: ужываліся расстрэлы і павешанне, атручванне ў газавых камерах і спальванне, голад і распаўсюджванне эпідэмій. Гэта павінна было навесці страх, задушыць спробы супраціўлення акупацыйнаму рэжыму.



Андрэй Швед прывёў прыклады знішчэння мірнага насельніцтва, якія раней не былі вядомыя шырокай грамадскасці: «Нацысты прамой наводкай з артылерыйскіх гармат расстрэльвалі населеныя пункты, дзе знаходзіліся толькі мірныя грамадзяне, а потым заходзілі туды на танках і дабівалі тых, хто выжыў. У Віцебскай вобласці, у прыватнасці, фашысты скінулі з самалётаў атрутныя рэчывы на 16 населеных пунктаў з мірнымі жыхарамі, гэта значыць проста труцілі людзей газамі».

Генеральны пракурор яшчэ раз нагадаў, што знішчэнне беларускага насельніцтва было дакладна і загадзя спланавана: «Мы атрымліваем арыгіналы архіўных нямецкіх дакументаў. Нацысты ўжо ў 1940 годзе стварылі карныя падраздзяленні для знішчэння славянскага і іншага насельніцтва. У гэтым жа годзе была створана першая карная група з украінскіх нацыяналістаў, якая прайшла падрыхтоўку на тэрыторыі Германіі. Гэта значыць, за год да нападу была створана не толькі прававая база для татальнага знішчэння, але і падрыхтаваны інструменты для рэалізацыі гэтых злачынных задум».

Гаворачы аб міжнародным супрацоўніцтве пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе, кіраўнік нагляднага ведамства назваў прадуктыўным узаемадзеянне з краінамі Лацінскай Амерыкі: «Генеральная пракуратура Бразіліі ў адказ на нашы хадайніцтвы аб прававой дапамозе запытвае ў нас звесткі і дакументы ў дачыненні да нацысцкіх карнікаў, удакладняе іх канкрэтную ролю ў здзяйсненні злачынстваў. Гэта ўжо нядрэнна. Дарэчы, некаторыя эсесаўцы займалі там пасады ўзроўню намесніка міністра. Калегі з Аргенціны запыталі ў нас звесткі па дзевяці асобам, якія пацвярджаюць іх асабістую ролю ў здзяйсненні злачынстваў, – мы такія матэрыялы, вядома, ім прадставім».

Андрэй Швед ў інфармацыйнай рабоце арыентаваў аўдыторыю на выкарыстанне усіх даступных сродкаў і метадаў, зразумелых для людзей, асабліва моладзі.

Генеральны пракурор таксама адказаў на пытанні прысутных.

У прыватнасці, адказваючы на пытанне аб сацыяльным партрэце неанацыста, Андрэй Швед канстатаваў, што значная частка такіх людзей ваявала не на баку Савецкага Саюза. Прывёў паказанні з крымінальных спраў, згодна з якімі родныя і блізкія дадзенай катэгорыі грамадзян вярталіся з месцаў пазбаўлення волі і далей культывавалі, абмяркоўвалі нацысцкую базу ў сем'ях, «у школе слухалі адно, а дома – іншае».




Выкладчыкі і студэнты Акадэміі падзякавалі Андрэю Шведу за выступ, адзначылі вялікую працу і ўклад нагляднага ведамства ў аднаўленне гістарычнай справядлівасці і захаванне гістарычнай праўды.

У рамках мерапрыемства Генеральны пракурор даў каментарыі прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі.


Фота: Генеральная пракуратура, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры



Іншыя навіны


Асноўныя падзеі