Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа: Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед сустрэўся з кіруючым складам і супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед падчас выступу праінфармаваў кіруючы склад і супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў аб прычынах узбуджэння і пэўных выніках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, супрацьдзеянні экстрэмізму, правёў паралелі сённяшніх рэалій з мінулым.

Вітаючы аўдыторыю, Андрэй Швед падзяліўся, што ідэя аб узбуджэнні і расследаванні крымінальнай справы ўзнікла «і дзякуючы таму, што афіцэры органаў унутраных спраў у 2020 годзе з гонарам выканалі свой абавязак. Не здрадзілі Радзіме, Прэзідэнту, родным і блізкім і абаранілі сваю краіну».



Расследаванне крымінальнай справы стала маштабным нацыянальным праектам, у якім бяруць удзел не толькі праваахоўныя органы, але і шэраг дзяржаўных структур, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Кіраўнік нагляднага ведамства, абапіраючыся на факты з крымінальнай справы, падкрэсліў, што планы аб знішчэнні насельніцтва БССР распрацоўваліся як мінімум за два гады да нападу: «Мы атрымалі дакументы, паводле якіх ўжо ў 1939 годзе з ліку ўкраінскіх нацыяналістаў былі створаны два карныя падраздзяленні, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку. З 1940 года фарміраваліся так званыя «спісы Гітлера» – спісы актывістаў савецкай улады, камандзіраў Чырвонай Арміі, членаў іх сем'яў. Калі войска вермахта перасёкла межы Савецкага Саюза, разам з ім увайшлі не толькі нямецкія карныя падраздзяленні, але і названыя часткі ўкраінскіх нацыяналістаў. З першых жа дзён вайны пасля захопу гарадоў нашай краіны карнікі па гэтым адрасам знішчалі ўсіх, каго знаходзілі з спісаў. Не шкадавалі нікога».

Андрэй Швед растлумачыў, чаму тэма гераічнай барацьбы беларускага народа ў гады вайны за сваё выжыванне атрымала сёння новае гучанне: «На службу да нацыстаў пайшлі нешматлікія здраднікі з ліку беларускіх нацыяналістаў, якія пад бела-чырвона-белымі сцягамі прыносілі прысягу на вернасць Гітлеру. Бела-чырвона-белая сімволіка, выявы «Пагоні» сталі выкарыстоўвацца для абазначэння беларускай нацыянальнай прыналежнасці ў асяроддзі добраахвотных памочнікаў нацысцкага рэжыму, у тым ліку ўзброеных фарміраванняў, якія ўдзельнічалі ў карных аперацыях». Падкрэсліў, што ў 2020 годзе Беларусь сутыкнулася з праявамі экстрэмізму і тэрарызму, а бела-чырвона-белая сімволіка фактычна стала сімвалам спробы дзяржаўнага перавароту і звяржэння законна абранай улады.

Генеральны пракурор, кажучы пра задачы расследавання, падкрэсліў: «Нам важна разабрацца ў дэталях, паказаць кожны факт знішчэння мірнага насельніцтва, па кожным населеным пункце ўсталяваць час, дату, найменне вайсковага падраздзялення і спісы карнікаў, па магчымасці вызначыць імёны людзей, знішчаных пры кожнай карнай аперацыі».

Андрэй Швед праінфармаваў аўдыторыю аб рабоце следчай групы ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа: дапытана звыш 17 тысяч сведак і пацярпелых, з іх амаль 8 тысяч – былыя вязні лагераў смерці, праведзена больш за 400 аглядаў участкаў мясцовасці і больш за 40 раскопак, устаноўлена звыш 2 500 спаленых вёсак і вёсак, пра якія раней не было вядома.



Гаворачы аб лагерах смерці, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР, ён падкрэсліў: «Сёння мы адназначна можам канстатаваць, што на тэрыторыі Беларусі функцыянавала больш за 560 лагераў смерці. Такая колькасць месцаў знішчэння мірнага насельніцтва была толькі ў нашай краіне. У адным Трасцянцы было знішчана не менш за 546 тысяч чалавек. Уявіце сабе. І гэта пры тым, што спецыяльныя каманды нацыстаў пры адступленні спальвалі целы забітых і развейвалі іх попел, каб схаваць свае злачынствы. Нам гэта дакладна вядома».

У развіццё думкі Генеральны пракурор дадаў: «Сёння, пасля двух гадоў расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, з юрыдычнага пункту гледжання мы канстатуем, што наша краіна, Рэспубліка Беларусь (у гады Вялікай Айчыннай вайны – БССР), з'яўляецца адзінай краінай у свеце, супраць насельніцтва якой прымяняліся ўсе вядомыя формы генацыду. За гэты час мы прааналізавалі падзеі перадваеннага перыяду і пераканаліся, што гісторыя ідзе па спіралі. Важна памятаць пра гэта».

Андрэй Швед звярнуў увагу аўдыторыі на тое, што расследаванне зойме яшчэ не адзін год: «Лічу, што толькі для заканчэння агляду раней невядомых месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян нам спатрэбіцца 5–7 гадоў. На прыкладзе ўрочышча Уручча ў Мінскім раёне скажу, што, калі наведваеш гэтае месца, прыходзіць разуменне жаху такіх безназоўных магіл. Мы абавязаны захаваць правапарадак і не дапусціць такіх трагедый на нашай зямлі».

Рэзюмуючы свой выступ, Генеральны пракурор паказаў на тое, што ў такіх краінах блізкага замежжа, як Польшча, дэмантуюць помнікі воінам-вызваліцелям, апаганьваюць магілы савецкіх салдат і зрываюць цырымоніі ўскладання на іх вянкоў. Пры гэтым пры вызваленні дадзенай краіны загінула звыш 600 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў.

«Нашы праціўнікі робяць стаўку на беларускую моладзь, спрабуюць закласці ў іх розум дэструктыўныя думкі і схіліць да супрацьпраўных дзеянняў. Калі мы выпусцім з полю зроку гэтыя спробы, дазволім апанаваць розум і сэрцы нашых дзяцей ілжывай інфармацыяй, то быць вялікай бядзе», – канстатаваў кіраўнік нагляднага ведамства.

Генеральны пракурор Андрэй Швед падарыў Міністэрству ўнутраных спраў кнігі «Генацыд беларускага народа і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці».


Кіраўніцтва і супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў падзякавалі Генеральнаму пракурору за выступленне і перададзеныя выданні. Адзначылі гістарычную значнасць расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе і важнасць данясення да грамадскасці яго вынікаў, гатоўнасці ўключыцца ў гэтую працу.

У рамках мерапрыемства Андрэй Швед азнаёміўся з экспазіцыяй Міністэрства ўнутраных спраў, прысвечанай генацыду беларускага народа.


Фота: Генеральная пракуратура

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры



Іншыя навіны


Асноўныя падзеі