Міжнародны маладзёжны конкурс сацыяльнай рэкламы «Разам супраць карупцыі!»: у Генпракуратуры ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў нацыянальнага этапу

Міжнародны маладзёжны конкурс сацыяльнай антыкарупцыйнай рэкламы, які праходзіць ужо ў другі раз, праводзіцца ў рамках работы Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі. 

Яго арганізатарам выступіла Генеральная пракуратура Расійскай Федэрацыі, адным з суарганізатараў - Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. 

Характэрна, што ў 2019 годзе геаграфія конкурсу пашырана - у ім заяўлены і прадстаўнікі дзяржаў - удзельніц БРІКС. 

На афіцыйным сайце конкурсу за 4 месяцы размешчана больш за 22 000 работ з Арменіі, Беларусі, Індыі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. 

З Беларусі паступіла каля 140 відэаролікаў і больш за 700 плакатаў, выкананых у розных жанрах, стылях і тэхніках. 

Удзельнікі конкурсу – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў, сярод іх навучэнцы, студэнты, работнікі СМІ і ўстаноў адукацыі. 

Пераможцаў і фіналістаў у намінацыях «Лепшы плакат» і «Лепшы відэаролік» вызначыла нацыянальная конкурсная камісія. Акрамя прадстаўнікоў Генпракуратуры, міністэрстваў унутраных спраў, адукацыі, інфармацыі, антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў яе ўвайшлі таксама прафесіяналы ў галіне графічнага дызайну, жывапісу і кінематаграфіі: 

• член праўлення РГА «Беларускі саюз кінематаграфістаў», дырэктар кінакампаніі «Грын-Студыі», кінарэжысёр Сяргей Зыгмантовіч; 

• старшыня ГА «Беларускі саюз мастакоў» Рыгор Сітніца; 

• дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Усевалад Свентухоўскі. 

Работы ацэньваліся па наступных крытэрыях: адпаведнасць заяўленай тэматыцы; аргументаванасць і глыбіня раскрыцця зместу; крэатыўнасць, навізна ідэі і якасць выканання; дакладнасць і даходлівасць мовы і стылю выкладання; адпаведнасць патрабаванням правіл правядзення. 

«Лепшы плакат» 

У гэтай намінацыі перамагла студэнтка Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Марына Крот. 

Другое месца заняў навучэнец 9 класа Бараўлянскай сярэдняй школы (Мінскі раён) Арцем Секіжінскі. 

Трэцяе месца - у студэнткі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Лізаветы Паўлоўскай.  

«Лепшы відэаролік» 

Першае месца прысуджана Крысціне Дубатоўцы, аўтару і вядучай крымінальнай тэлевізійнай праграмы «Сірэна», вядучай інфармацыйных праграм радые «ЗЕФІР ФМ». 

Другое месца заняў творчы калектыў факультэта міліцыі Акадэміі МУС у складзе Вячаслава Бачынскага, Мікіты Дзям'янава, Ягора Ластоўскага, Дзяніса Аніскаўца, Алега Гуштына. 

Трэцяе месца - у калектыву аўтараў - навучэнцаў 8 класа сярэдняй школы №5 г.Смаргоні ў складзе Мікіты Яськевіча, Маргарыты Дудко, Яўгена Южыка, Рамана Аўгусцінавіча. 

Дарэчы, 14-гадоваму Мікіте Яськевічу - аднаму з самых юных удзельнікаў – Генпракурор Аляксандр Канюк уручыў пашпарт і кнігу «Мой шлях Беларусь». Таленавіты юнак таксама ўдастоены спецыяльнага прыза ад члена нацыянальнага журы Сяргея Зыгмантовіча. 

У сваім выступленні Аляксандр Канюк адзначыў важнасць уключэння моладзі ў стварэнне сацыяльнай антыкарупцыйнай рэкламы, яе дапамогу ў гэтай справе. 

«Мы перакананыя ў тым, што такім чынам фарміруецца практыка ўзаемадзеяння маладых людзей з органамі дзяржаўнай улады ў барацьбе з карупцыяй. У сваіх работах удзельнікі конкурсу паказалі сучасныя механізмы процідзеяння ёй на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Спадзяюся, што гэты праект атрымае далейшае развіццё і прыцягне павышаную ўвагу да праблемы карупцыі не толькі моладзі, але і дарослага пакалення. А гэта ўжо дазволіць нам выпрацаваць нецярплівае стаўленне да яе праяў, дасць магчымасць працаваць «на апярэджанне», - сказаў Генпракурор. 

Работы, якія занялі першае месца ў нацыянальным адборы, прайшлі ў фінал, дзе журы міжнароднага конкурсу вызначыт пераможцаў і прызёраў у кожнай намінацыі. 

Урачыстая цырымонія іх узнагароджання адбудзецца 9 снежня 2019 года ў Маскве, якая прымркавана да Міжнароднага дня барацьбы з карупцыяй. 

Фіналісты конкурсу таксама атрымалі прызы ад Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў. 

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікі конкурсу адправіліся на экскурсію «Беларусьфільм – тут здымаецца кіно», арганізаваную Нацыянальнай кінастудыяй.
З усімі работамі можна азнаёміцца на сайце www.anticorruption.life

ont.by, mir24.tv. 

DSCF6284_S.jpg

Фота: Генеральная пракуратура 

Аддзел інфармацыі
Генеральнай пракуратуры


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі