Генеральны пракурор Андрэй Швед прыняў удзел у перапахаванні астанкаў мірных грамадзян ва ўрочышчы Іванаўшчына каля Лагойска

З удзелам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа адбылася цырымонія перапахавання астанкаў мірных грамадзян, знойдзеных ва ўрочышчы Іванаўшчына каля Лагойска ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе.


У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, пракурорскія работнікі, вайскоўцы, прадстаўнікі трох рэлігійных канфесій, грамадскасць.


«Сёння мы аддаём даніну памяці нявінным ахвярам той страшнай вайны. Гэтае месца прасякнута болем, які нельга заглушыць. Тут назаўжды застануцца сотні сем'яў, чые надзеі, мары, будучыня ў адно імгненне былі знішчаны рукой нацыстаў», – сказаў Андрэй Швед, звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі.


Даведачна. Аж да 1944 года немцы і іх памагатыя працягвалі звазіць ва ўрочышчы Іванаўшчына Лагойскага раёна змучаных катаваннямі мірных жыхароў, партызан, чырвонаармейцаў. За гады акупацыі пачынаючы са жніўня 1941 года на тэрыторыі Лагойскага і бліжэйшых раёнаў праведзена не менш як 12 буйных карных аперацый, якія суправаджаліся масавым знішчэннем людзей.

У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе ўстаноўлена, што да масавага знішчэння мірнага насельніцтва Лагойскага раёна маюць дачыненне нямецкія фарміраванні: 1 матарызаваная брыгада СС, баявая група Баркхольдта, батальён СС Дзірлевангера, 2 нямецкі паліцэйскі полк СС, 1 ўзмоцненая танкавая рота, 1 сапёрны і 2 мінамётны ўзводы, 26 латышскі паліцэйскі батальён, 118 ўкраінскі паліцэйскі батальён, а таксама калабаранты з мясцовай паліцыі.

«Убачанае падчас раскопак жахае нечалавечай жорсткасцю. Згодна з заключэннямі экспертаў больш за палову вынятых на гэтым месцы астанкаў належаць жанчынам і дзецям. Узрост загінуўшых – ад немаўлят да 70 гадоў», – адзначыў Андрэй Швед.

Генеральны пракурор асаблівую ўвагу надае недапушчальнасці скажэння гістарычных фактаў і гераізацыі нацызму: «Тысячы загінуўшых спрабуюць прадставіць ахвярамі рэпрэсій, нягледзячы на шматлікія доказы, архіўныя матэрыялы, паказанні відавочцаў, заключэнні экспертаў. Нягледзячы на публічнае асвятленне вынікаў, якія дасягаюцца падчас следства, прадстаўленне неабходнай інфармацыі ў кампетэнтныя органы замежных дзяржаў распачата атака… Чаму? Бо баяцца праўды. Такім фактам будзе давацца прынцыповая ацэнка. Толькі на мінулым тыдні Генеральнай пракуратурай распачата крымінальная справа па факце распаўсюджвання на інтэрнэт-рэсурсах інфармацыі аб адмаўленні генацыду беларускага народа».


«Мы бачым, як недружалюбныя дзяржавы спрабуюць сказіць гістарычна значныя для нашага народа падзеі. Выкарыстоўваюць для гэтага тэхналогіі, у першую чаргу звязаныя з інфармацыйным уздзеяннем на маладое пакаленне. У сетцы Інтэрнэт маюць месца шматлікія інфармацыйныя атакі супраць нашай дзяржавы, скажаюцца гістарычна значныя падзеі, ствараецца глеба для гераізацыі нацызму. Актыўна асвятляецца знішчэнне помнікаў – сведчанняў гераізму савецкага народа. Адбываецца пастаянны ўкід недакладнай, ілжывай інфармацыі», – дапоўніў кіраўнік нагляднага ведамства.

У сваім выступленні Андрэй Швед канстатаваў важнасць таго, каб захаванне гістарычнай праўды стала справай не толькі дзяржавы, але і кожнага грамадзяніна.



«Мы павінны аператыўна рэагаваць на сучасныя пагрозы і надзейна стаяць на варце незалежнасці і мірнай будучыні нашай краіны. Кожны беларускі грамадзянін з малых гадоў павінен шанаваць подзвіг сваіх продкаў і памятаць аб крывавым следзе, які пакінулі на беларускай зямлі фашысцкія каты. Для гэтага адпаведную працу з маладымі розумамі неабходна праводзіць, пачынаючы з дзіцячых садоў, у школах і вну. Нельга дапусціць, каб нацызм у любых сваіх праявах набыў другое дыханне. Мы ўсе з вамі павінны зрабіць усё магчымае ад нас, каб такое больш не паўтарылася», - рэзюмаваў Генеральны пракурор.

Паніхіду па загінуўшых правялі прадстаўнікі трох рэлігійных канфесій Беларусі. Пасля гэтага быў адкрыты памятны камень, да якога прысутныя ўсклалі кветкі.



Пасля заканчэння мерапрыемства Андрэй Швед паразмаўляў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.


Фота: Генеральная пракуратура

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі