Поиск по сайту
Разделы сайта
2006 год
2007 год
2008 год
2009 год
2010 год
2011 год
2012 год
2013 год
2014 год
2015 год
2016 год
2017 год
Главная > Архив > 2010 год > По датам > Сентябрь
За кіраванне пад градусам — канфіскацыя аўтамабіля?
За кіраванне пад градусам — канфіскацыя аўтамабіля? 17.09.2010

Статья опубликована 26.06.2010 в газете "Звязда" № 123 (26731).

За апошнія некалькі гадоў ад Генеральнай пракуратуры зыходзіла дастаткова шмат нестандартных ініцыятыў. Адна з апошніх — вадзіць чыноўнікаў на экскурсію ў турму — прыжылася надзвычай хутка і актыўна ўкараняецца ў розных рэгіёнах краіны. Напярэдадні прафесійнага свята "Звязда" сустрэлася з генпракурорам Беларусі Рыгорам Васілевічам. Падчас інтэрв'ю даведалася шмат цікавага пра іншыя не менш цікавыя пракурорскія ініцыятывы, а таксама высветліла стаўленне генеральнага пракурора да інавацыйных ідэй асобных міністэрстваў.

Рыгор Аляксеевіч, гэта праўда, што ў Петрыкаўскім раёне ва ўсю ідуць пошукі біялагічных татаў сацыяльных сірот? Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра гэту адназначна смелую ініцыятыву мясцовай пракуратуры. І ці варта, на ваш погляд, практыкаваць падобнае ў іншых рэгіёнах Беларусі?

— Заробак адзінокіх маці, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, у большасці выпадкаў не дазваляе цалкам кампенсаваць выдаткі, якія нясе дзяржава на ўтрыманне іх дзяцей. Біялагічныя ж таты, атрымліваецца, за ўхіленне ад выхавання зусім ніякай адказнасці не нясуць. Вось пракуратура раёна і вырашыла ўстанавіць справядлівасць і ініцыявала іх пошук. Знаходзяць, прызнаюць бацькоўства і прапаноўваюць ім забраць дзяцей на выхаванне. У выпадку адмовы пазбаўляюць бацькоўскіх правоў і абавязваюць у вызначаным законам парадку на пару з маці сваіх дзяцей кампенсоўваць выдаткі на іх утрыманне. Ёсць ужо некалькі станоўчых прыкладаў, калі мужчыны добраахвотна забіралі дзяцей і цяпер займаюцца іх выхаваннем. Даваць адназначную ацэнку гэтаму даволі-такі нестандартнаму кроку я пакуль што не стаў бы. Наколькі ён эфектыўны, пакажа час. Адпаведна рана і сцвярджаць, што вопыт раёна неўзабаве будзе практыкавацца ва ўсіх рэгіёнах.

Працягнем дзіцячую тэму. Пэўны час шмат размоў было пра неабходнасць стварэння ювенальных судоў, дзе б разглядаліся выключна справы няпоўнагадовых. Што вы думаеце наконт гэтага планаванага новаўвядзення?

— Міністэрствам юстыцыі ўжо распрацаваны праект указа канцэпцыі ювенальнай юстыцыі. Але асабіста я лічу, што, незалежна ад таго, будзе прыняты гэты нарматыўна-прававы акт ці не, трэба займацца падрыхтоўкай суддзяў, якія б спецыялізаваліся на разглядзе спраў з удзелам няпоўнагадовых. Больш за тое, на мой погляд, у такіх судовых пасяджэннях, акрамя псіхолагаў, абавязкова павінны браць удзел педагогі і нават старшыня сельскага Савета — тыя людзі, якія могуць даць аб'ектыўную паўнавартасную характарыстыку таго, якая сям’я і ў якіх умовах выхоўваліся дзеці.

Зараз у Міністэрстве ўнутраных спраў разглядаецца магчымасць увядзення адказнасці мужчын за выкарыстанне паслуг прастытутак. Што думаюць наконт гэтай ідэі ў Генпракуратуры?

— Да гэтай ініцыятывы Генпракуратура не мае ніякага дачынення. Скажу толькі адно: гэта пытанне — далікатнае і вельмі няпростае — трэба дасканала прапрацоўваць. Пакуль што, па-мойму, толькі Швецыя адважылася ўвесці штрафныя санкцыі ў дачыненні да ахвотнікаў прадажнага кахання.

— Як асабіста вы ставіцеся да забароны распіваць піва ў грамадскіх месцах?

— Безумоўна, трэба мяняць культуру ўжывання піва. Але толькі аднымі абмежаваннямі наўрад ці выкараніш праблему... Мясцовыя органы ўлады павінны паклапаціцца, каб у вялікіх і малых гарадах з'явіліся даступныя па кішэні маладым людзям пабы, дзе яны б маглі прысесці і культурна выпіць куфаль піва. Тады ў іх, перакананы, наўрад ці будзе жаданне хадзіць па вуліцах з бутэлькай. Я лічу таксама, што трэба развіваць і практыку абмежавання палення ў грамадскіх месцах, у прыватнасці, на прыпынках грамадскага транспарту. На мой погляд, права паліць павінна быць у кожнага. Але перш чым дастаць цыгарэту, трэба падумаць, ці не перашкаджаеш ты чалавеку, які знаходзіцца побач.

— Рыгор Аляксеевіч, узровень рэцыдыўнай злачыннасці ў нашай краіне па-ранейшаму застаецца дастаткова істотным. Якія шляхі барацьбы з рэцыдывам вы бачыце?

— Прырост рэцыдыву адбываецца ў тым ліку і за кошт таго, што значная частка асуджаных да папраўчых работ ухіляецца ад іх адбывання. Толькі летась за ўхіленне ад гэтай меры пакарання паўторна асуджаны амаль 9 тысяч чалавек (а гэта 31 працэнт ад агульнай колькасці). Таму мы лічым, што неабходна ўдасканальваць практыку прызначэння папраўчых работ. У прыватнасці, дзяржабвінаваўца і асабліва суд абавязаныя да прызначэння падобнага віду пакарання пераканацца, што асуджаны ў будучыні будзе яго выконваць. Больш за тое, нядрэнна было б замацаваць у Крымінальным кодэксе магчымасць прызначэння ў прысудзе адначасова з папраўчымі работамі альтэрнатыўнай меры адказнасці. Гэта будзе так званай падстрахоўкай у выпадку ўхілення ад выканання прысуду. Гэта прапанова ўнесена ў Канцэпцыю ўдасканалення мераў крымінальнай адказнасці, якую мы цяпер рыхтуем.

— Хутка ў Беларусі будзе чарговая амністыя. Ці праводзіўся аналіз таго, які працэнт ад амніставаных пасля вяртаецца ў турму? І наколькі мэтазгодна, на ваш погляд, праводзіць амністыю штогод?

— Што тычыцца леташняй амністыі, то на працягу 6-9 месяцаў кожны чацвёрты з амніставаных учыніў новае злачынства. Таму трэба падыходзіць да распрацоўкі і прымянення Закона аб амністыі вельмі асцярожна. На мой погляд, прыняцце законаў аб амністыі не павінна быць "паўсядзённай" з'явай. Больш правільна было б, пэўна, адразу вызначаць аптымальныя тэрміны пазбаўлення волі. Я ўжо казаў, што за апошнія пяць-шэсць гадоў адбыўся істотны рост сярэдняга тэрміну пазбаўлення волі (на аднаго зняволенага мужчыну ён складае сёння 8,8 года). Жыццё паказвае, што ўзмацненне пакарання не заўсёды прыводзіць да выпраўлення чалавека, хутчэй, наадварот. Таму мы прапаноўваем у найбліжэйшы час перагледзець структуру мераў адказнасці. І арыентаваць суддзяў кожнае рашэнне аб пазбаўленні волі прымаць з улікам яго эфектыўнасці для канкрэтнага падсуднага.

— Генпракуратура неаднаразова выступала з ідэяй прымянення ў якасці сродку кантролю арыштаваных і некаторых катэгорый асуджаных асобаў электронных бранзалетаў. На якой стадыі знаходзіцца гэта пытанне?

— Я думаю, што з цягам часу мы да гэтага прыйдзем. Пакуль што ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Толькі на распрацоўку праграмы, наколькі ведаю, трэба некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Для яе ўкаранення спатрэбіцца значна большая сума.

— Калі ўсё ж такі ў Беларусі з'явяцца гэтыя электронныя сродкі кантролю, ці плануецца браць плату за карыстанне бранзалетам?

— Выдаткі за часовае карыстанне электроннымі бранзалетамі маглі б несці людзі, у дачыненні да якіх ажыццяўляецца нагляд.

— І ў якую суму арыенціровачна можа абысціся такое "задавальненне" для беларусаў?

— Не думаю, што больш за 30 долараў у месяц. Пры гэтым, напрыклад, у падазронага будзе выбар: чакаць судовага пасяджэння ў следчым ізалятары альбо плаціць за эксплуатацыю бранзалета і рабіць гэта на волі.

— Генпракуратура выступала за павышэнне штрафаў у дачыненні да п'яных кіроўцаў. Штрафы павысілі, але ўсё адно працягваюць людзі садзіцца за руль нападпітку. Магчыма, прыйшоў час выступіць з чарговай ініцыятывай?

— Я думаю, што ёсць сэнс замест крымінальнай адказнасці за паўторнае кіраванне нападпітку ўвесці канфіскацыю транспартнага сродку. Гэта была б больш эфектыўная мера.

— А калі аўтамабіль належыць іншаму чалавеку?

— Падчас першага затрымання трэба ў абавязковым парадку знайсці ўласніка аўтамабіля і папярэдзіць яго аб тым, што пры паўторным затрыманні яму давядзецца развітацца са сваёй маёмасцю. Пры гэтым уласніку прадставіць магчымасць праз суд спагнаць з парушальніка грошы, якія адпавядаюць кошту аўтамабіля, і выкупіць яго. Хацелася б, каб чытачы разумелі, што тут ідзе гаворка, у першую чаргу, пра абарону інтарэсаў законапаслухмяных кіроўцаў, якім, перакананы, не хацелася б сустракацца на дарозе з п'яным кіроўцам.

— Аб працы праваахоўных органаў прынята рабіць выснову па раскрытых злачынствах. Якой "гучнай" справай, з раскрытых следчымі пракуратуры, ганарыцеся?

— У Беларусі высокая — 97-98 працэнтаў — раскрывальнасць забойстваў. У прыватнасці, сёлета прыгаварылі да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі бандытаў з бабруйскай злачыннай групы. На яе рахунку забойствы, разбоі, грабяжы і крадзяжы. Па гэтай "гучнай" крымінальнай справе праходзіла ажно 18 чалавек. Верхавода банды  ваенны суд прыгаварыў да 20 гадоў зняволення.

Некаторыя забойствы, у тым ліку і страшнае забойства маладой супрацоўніцы "Абсалютбанка", на жаль, і да гэтага часу застаюцца нераскрытымі. Гэтага гора, відавочна, можна было б не дапусціць, калі б кіраўніцтва банка прыслухалася да заўваг, якія рабіліся напярэдадні, і своечасова паклапацілася аб стварэнні дастойных умоў для работнікаў сваіх абменных пунктаў. Яны гэтага не зрабілі...

— Рыгор Аляксеевіч, якія абмежаванні прадугледжаны для работнікаў пракуратуры?

— Практычна тыя ж, што і для дзяржслужачых. Нам нельга займацца бізнэсам, палітычнай дзейнасцю, але затое можна пісаць кнігі, як мастацкія, так і навуковыя, выкладаць ва ўніверсітэтах. Акрамя таго, згодна з Кодэксам гонару пракурорскага работніка, забараняецца кантактаваць з людзьмі, у дачыненні да якіх вядзецца следства, у пазаслужбовых абставінах. Пракурорскія работнікі таксама павінны быць узорам для ўсіх астатніх грамадзян. Напрыклад, той, хто адважыцца сесці за руль нападпітку, адразу ж будзе звольнены.

— А на якія якасці ў першую чаргу звяртаецца ўвага пры прыёме на працу?

— Мы зацікаўленыя ў спецыялістах з вышэйшай юрыдычнай альбо эканамічнай адукацыяй. У адрозненне ад судоў, дзе не прымаюць на працу да 25 гадоў, да нас уладкоўвацца прыходзяць адразу ж пасля заканчэння ўніверсітэта. Праца пракурорскага работніка дастаткова складаная. Таму тут не абысціся без такіх якасцяў, як адказнасць, устойлівасць да стрэсаў, прыстойнасць, здольнасць прымаць узважанае рашэнне і аргументавана абараняць сваю пазіцыю. У большасці пракурорскія работнікі — гэта прафесіяналы, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі. Карыстаючыся магчымасцю, я зычу ўсім калегам прафесійнага росту, поспехаў, здароўя, каб абыходзілі бокам няўдачы.

— Дзякуй, Рыгор Аляксеевіч, за цікавую размову. "Звязда", у сваю чаргу, таксама далучаецца да цёплых слоў віншаванняў. Са святам вас і вашых калег!

Надзея ДРЫЛА.


© 2006 Генеральная прокуратура Республики Беларусь
При использовании материалов ссылка на сайт Генеральной прокуратуры Республики Беларусь обязательна