Дыялог працягваецца. Генпракурор сустрэўся з прафесарска-выкладчыцкім саставам БДУІР

Сталі добрай традыцыяй сустрэчы Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім саставам вядучых вну нашай краіны.

Зусім нядаўна Генеральны пракурор абмяркоўваў са студэнтамі УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі» (далей – БДУІР) пытанні кансалідацыі грамадства, дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў ва ўмовах новых выклікаў і пагроз, праблемы крытычнага ўспрымання моладдзю інфармацыі ва ўмовах перанасычанасці навінамі, няўхільнасці адказнасці за супрацьпраўныя дзеянні.

Сёння ж Андрэй Швед сустрэўся з калектывам БДУІР. Тэма сустрэчы – выпрацаваныя ў ходзе VI Усебеларускага народнага сходу асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Сустрэча праходзіла ў фармаце «пытанне-адказ». Адкрыта размаўлялі аб становішчы ва ўніверсітэце. Генеральны пракурор пацікавіўся, што турбуе выкладчыкаў, расказаў ім пра вынікі нарады ў Кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, аб разглядзе і змесце законапраектаў, якія тычацца ўзмацнення адказнасці і ўрэгулявання праваадносін, звязаных з аховай грамадскай бяспекі, канстытуцыйнага ладу і правапарадку.

У ходзе мерапрыемства Генеральны пракурор таксама пагутарыў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

Каменціруючы інфармацыю аб магчымасці ўзбуджэння крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Андрэй Швед сказаў, што ў гэтым напрамку Генеральная пракуратура сумесна з органамі дзяржаўнай бяспекі і Нацыянальнай акадэміяй навук правяла вялікую работу. «У цяперашні час яна падыходзіць да завяршэння і ўсім гэтым фактам будзе дадзена сістэмная прававая ацэнка. Важна, каб учыненыя злачынствы заўсёды былі ў нашай памяці і не засталіся беспакаранымі», – падкрэсліў кіраўнік нагляднага ведамства.

Адказваючы на пытанне аб падрыхтоўцы змяненняў у заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, Андрэй Швед адзначыў, што яно ў Беларусі вельмі мяккае і лаяльнае. Пры распрацоўцы законапраекта ўлічваўся вопыт ўсіх краін, у першую чаргу Расійскай Федэрацыі і Заходняй Еўропы. «Але ў цэлым хачу сказаць, што нават у выпадку прыняцця змяненняў у той рэдакцыі, якая абмяркоўвалася на нарадзе ў Прэзідэнта, наша заканадаўства не будзе такім жорсткім, як, напрыклад, у Заходняй Еўропе», – рэзюмаваў Андрэй Швед.

Фота і відэа: БДУІР

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі