У Парку высокіх тэхналогій разгледзелі пытанні развіцця лічбавай эканомікі

Генеральная пракуратура і Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій у рамках круглага стала пры ўдзеле прадстаўнікоў IT-супольнасці, а таксама праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў вывучылі прававыя аспекты развіцця лічбавай эканомікі.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк, дырэктар Адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі, першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко, намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц, кіраўнікі IT-кампаній Дзмітрый Гурскі, Антон Мякішаў і іншыя, а таксама прадстаўнікі КДК, КДБ, МУС, ААЦ пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

ПВТ_4.jpg

Мэтай форуму з'яўляецца выпрацоўка агульных падыходаў да вядзення бізнесу ў IT-сферы пасля падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Дэкрэта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

Падчас дыскусіі закраналіся пытанні аб стварэнні ўмоў для ўкаранення ў нацыянальную эканоміку блокчэйна, аб правядзенні аперацый з выкарыстаннем токенаў, аб павышэнні прававой дасведчанасці і адказнасці ўдзельнікаў гэтай сферы праваадносін.

Прысутныя адзначылі важнасць забеспячэння законнай, эфектыўнай і празрыстай работы суб'ектаў IT-бізнэсу.

«Рашэнне задач па бяспечнаму функцыянаванню і прававой абароненасці ўдзельнікаў адносін сучасных фінансавых тэхналогій магчыма толькі шляхам сумесных скаардынаваных дзеянняў на аснове даверу і дыялогу», – падкрэсліў Аляксандр Канюк.

Як паказаў вопыт замежных краін, інфармацыйна-камунікацыйная галіна стала неад'емнай часткай эканомікі з уласцівымі ёй пэўнымі рызыкамі. Беларускія кампаніі могуць быць уцягнутыя ў незаконныя аперацыі па легалізацыі злачынных даходаў, фінансаванне забароненай дзейнасці, стаць ахвярамі махляроў.

Падчас круглага стала было адзначана, што Рэспубліка Беларусь стала першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнэсаў на аснове тэхналогіі блокчэйн і пераадоленне праблем, якія ўзнікаюць па сілах толькі сумеснымі намаганнямі.

Па выніках мерапрыемства яго ўдзельнікі прынялі рашэнне стварыць экспертную працоўную групу, якая змагла б прагназаваць магчымыя рызыкі і прадухіляць правапарушэнні ў сферы прымянення названага Дэкрэта.


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі